«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРОХ КАРАЛЁЎ»,

помнік бел. перакладной л-ры апакрыфічнага характару. Арыгінал напісаны ў 14 ст. ням. манахам Іаганам з Гільдэсгейма на лац. мове. На бел. мову перакладзены ў 2-й пал. 15 ст. У аснове аповесці евангельскі эпізод пра пакланенне немаўляці Ісусу Хрысту трох усх. цароў-язычнікаў, якія пасля сталі шчырымі хрысціянамі. У творы апісваецца іх незвычайнае падарожжа ў «святую зямлю», прырода зямель Б. Усходу, побыт, звычаі, веравызнаўчыя і этнічныя асаблівасці розных народаў, у т. л. грэкаў, сірыйцаў, армянаў, грузінаў. У аповесці многа фантастычнага, авантурна-прыгодніцкага. Яна каштоўная як сведчанне духоўных запатрабаванняў пэўных слаёў бел. чытачоў 15—16 ст., адна з крыніц іх уяўленняў пра краіны Б.Усходу. Пераклад даволі прафесійны, мова без царкоўнаславянізмаў.

В.А.Чамярыцкі.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)